Хто дапамагае беларускам выйсці з хатняга гвалту і чаму без удзелу дзяржавы з гэтай праблемай не справіцца
Улады і прапагандысты ў Беларусі любяць сцвярджаць, што цяпер у нашай краіны «прайм-эра»: заробкі растуць, вайны няма, ураджай спее і наогул спакойна і бяспечна. З вуснаў кіраўніка МУС Івана Кубракова гучыць: узровень злачынстваў у Беларусі «няўхільна падае» і «дасягнуў гістарычнага мінімуму». «Салідарнасць» разбіралася, ці так гэта насамрэч.
Пытанне (не)даверу
Год таму нацыянальны статыстычны камітэт РБ прадставіў вынікі даследавання «здароўя і стану жанчын у сям’і» з вельмі дзіўнымі лічбамі і фармулёўкамі. Калі верыць Белстату, бягучая сітуацыя ў краіне проста бляск: за апошнія (перад апытаннем) 12 месяцаў беларускі перажылі гвалт з боку партнёра: фізічны — 0,9%, сексуальны — 0,2%, фізічны і/ці сексуальны — 1%, псіхалагічны — 4,9%.
Дзеля большага эфекту ведамства спаслалася на звесткі структуры ААН-Жанчыны: маўляў, за той жа перыяд фізічны і/ці сексуальны гвалт з боку партнёра зведалі 11,9% жанчын у Кыргызстане, 4,9% — у Казахстане, 4,1% — у Літве, 3,5% — у Францыі, 2,6% — у Літве.
Рызыка сутыкнуцца з гвалтам у беларусак, падкрэсліла старшыня Белстата Ірына Мядзведзева, у бягучы момант ніжэй, чым у сярэднім за жыццё — што «сведчыць пра эфектыўнасць мер, скіраваных на папярэджанне гвалту, і рост культуры паважлівага стаўлення да жанчыны». Праўда, лічбамі гэта сцвярджэнне чамусьці не падмацавала.
А яшчэ гэтыя сцвярджэнні «не б’юцца» са звесткамі Мінпрацы і сацабароны. У адкрытых крыніцах знаходзім: штогод у крызісныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання «звяртаюцца 11 тысяч чалавек» (2022 год), «больш за 12 тысяч» (2023 год), «больш чым 17 тысяч» (2024). І большасць зваротаў — ад жанчын. Неяк не вымалёўваецца карцінка эфектыўнай прафілактыкі.
Гэтак сама жанглюе лічбамі МУС. Прадстаўнік ведамства Міхаіл Жыльцоў важка зазначыў: у параўнанні з 2008 годам — у 2024-м колькасць загінулых ад рук хатніх гвалтаўнікоў зменшылася ўтрая. Аднак праблема ў тым, што гэтая статыстыка ніколі не была публічнай і агульнадасяжнай — праверыць сцвярджэнне немагчыма, застаецца толькі верыць сілавікам на слова. Але рэальную карціну ацаніць складана.
Што сёлета? Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі ў Мінску і толькі за палову гэтага года былі здзейсненыя больш за 100 фактаў хатняга гвалту. Гэта тое, што трапіла ў міліцэйскія зводкі і суды: калі ахвяра не насмелілася ці перадумала звярнуцца па дапамогу, гвалт як быццам не адбыўся.
А не насмельваюцца многія. І не толькі таму, што цягам апошніх пяці год дзяржава знішчыла ці змусіла самаліквідавацца фактычна ўсе НКА, якія апекаваліся ўразлівымі групамі, але і таму, што тэма хатняга гвалту — вельмі чуллівая і няпростая.
Паводле сумеснага даследавання Chatham House і Olivia.help, 50,8% беларусак ніколі не расказвалі пра перажыты хатні гвалт. І гэтыя звесткі кардынальна разыходзяцца з аптымістычнай карцінкай, якую малююць дзяржаўныя структуры Беларусі.
Называць рэчы сваімі імёнамі
Каб уявіць маштабы праблемы і зразумець, ці пагаршаецца сітуацыя з хатнім гвалтам альбо паляпшаецца, «Салідарнасць» пагутарыла з прадстаўні_цамі ініцыятывы Olivia.help. Гэтую анлайн-лінію стварылі ў 2023 годзе псіхолагі і юрысты, якія працавалі раней у арганізацыях дапамогі ахвярам гвалту. І сёння такая крызісная падтрымка застаецца вельмі запатрабаванай.
— Мы бачым выразны рост зваротаў менавіта ад беларусак, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Каля 80% усіх зваротаў паступае з Беларусі, і гэтая доля расце, — зазначаюць у Olivia. — Пры гэтым працягваем атрымліваць звароты і ад беларусак, якія жывуць у эміграцыі.
Калі раней было ў сярэднім каля 35 зваротаў штомесяц, то цяпер гэта 90-100. І што асабліва важна — гэты ўзровень захоўваецца ўжо некалькі месяцаў запар.
На наш погляд, гэта сведчыць не толькі пра маштаб праблемы, але і пра тое, што ўсё больш жанчын пачынаюць распазнаваць хатні гвалт, называць рэчы сваімі імёнамі і разумець, што па дапамогу можна звярнуцца ананімна і бяспечна.
Адначасова працяглы стрэс і агульная нестабільнасць у Беларусі могуць узмацняць напружанне ў сем'ях, таму гэтыя працэсы адбываюцца паралельна.
З моманту запуску працы анлайн-лініі спецыяліст_кі Olivia правялі больш за 3100 кансультацый. Самая запатрабаваная — псіхалагічная падтрымка. Зразумець, што адбываецца, пачуць, што яны не вінаватыя ў гвалце, і быць падтрыманымі — для многіх жанчын гэта першы бяспечны крок.
Зрэшты, інфармацыйныя і прававыя кансультацыі таксама патрабуюцца нярэдка. Беларускі пытаюцца, якія ёсць механізмы абароны, як падрыхтаваць план бяспекі, што рабіць у крытычнай сітуацыі і якія магчымасці дапамогі існуюць у Беларусі або ў краіне, дзе яны цяпер жывуць. Таму на практыцы адзін зварот часта ўключае ў сябе некалькі запытаў.
Зазначым: нельга сказаць, што дзяржструктуры ў Беларусі спяць у шапку. Не, яны таксама аказваюць падтрымку ахвярам гвалту. У сістэме Мінпрацы — 133 крызісныя пакоі на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і ў іншых месцах (сцвярджаецца, што гэта бяспечныя прытулкі, месцазнаходжанне якіх не афішуецца). Ёсць кругласуткавыя тэлефоны «гарачай лініі» і экстранай псіхалагічнай дапамогі.
Аднак на практыцы — мноства «але» і з ананімнасцю, і з дасяжнасцю такой падтрымкі. Уведзеная сёлета МУС практыка ставіць агрэсараў на ўлік і прымушаць іх працаваць — наогул не пра дапамогу ахвярам. І хоць фармальна магчымасці атрымаць дапамогу і абарону ад хатняга гвалту ў Беларусі ёсць, за апошнія гады іх істотна паменела.
— Пасля ліквідацыі незалежных жаночых арганізацый беларускі страцілі доступ да сэрвісаў, якія аказвалі комплексную бясплатную дапамогу і суправаджалі пацярпелых столькі, колькі гэта было неабходна, — зазначаюць прадстаўні_цы Olivia. — Дзяржаўныя ж механізмы маюць істотныя абмежаванні.
Крызісныя пакоі не спецыялізуюцца выключна на хатнім гвалце, тэрмін знаходжання ў іх абмежаваны, не заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца ўначы, а ў невялікіх гарадах жанчыны часта баяцца страты канфідэнцыйнасці.
Мы таксама бачым, што многія жанчыны не давяраюць дзяржаўным структурам і баяцца наступстваў звароту, асабліва калі ў сям'і ёсць дзеці.
Таму ананімная анлайн-падтрымка сёння для многіх беларусак стала адной з нешматлікіх бяспечных магчымасцяў атрымаць дапамогу.
Гвалт, які мы вязём з сабой
Было б наіўна меркаваць, што хатні гвалт квітнее толькі ва ўмовах, створаных у Беларусі рэжымам Лукашэнкі. На жаль, выпрабаванні ў эміграцыі нярэдка не збліжаюць людзей, а роўна наадварот.
Уразлівасць жанчын абвастраецца з-за моўных бар’ераў, фінансавай залежнасці ад партнёра, няведання сваіх правоў, неразумення, куды наогул замежнікам можна звярнуцца па дапамогу. Гарызантальныя сувязі, узаемадапамога ўнутры дыяспар часта аказваецца ледзь не адзінай нітачкай надзеі.
У Olivia расказваюць: па дапамогу, параду, кансультацыю звяртаюцца беларускі не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Літвы, Грузіі, Германіі і іншых краін. Ім дапамагаюць зарыентавацца, даюць кантакты арганізацый, якія могуць аказаць дапамогу ў той краіне, дзе знаходзяцца жанчыны.
— З нашага досведу, найбольш развітая сістэма дапамогі сёння ў Польшчы, — зазначае валанцёрка ініцыятывы. — У Літве таксама працуюць эфектыўныя сэрвісы, але беларускам часта не хапае інфармацыі пра тое, як імі скарыстацца. У Грузіі магчымасці больш абмежаваныя і залежаць ад рэгіёна.
— А калі разважаць пра перспектывы? Беларускае грамадства відавочна трансфармуецца. Хочацца верыць, што да лепшага, што мы рухаемся ў бок дэмакратыі, гендарнай роўнасці, падтрымкі ўразлівых груп. Але ці дастаткова гэтых унутраных змен без прыняцця законаў у нашай краіне (нагадаем, закон аб хатнім гвалце ў Беларусі так і не стаў рэальнасцю, яго спыніў асабіста Лукашэнка — С.)?
— Сапраўды, мы бачым, што беларускае грамадства паступова мяняецца. Усё больш людзей разумеюць, што хатні гвалт — гэта не толькі фізічнае збіццё, але і псіхалагічны, эканамічны або сексуалізаваны гвалт. Пра гэта сталі больш гаварыць, што вельмі важна.
Але ж адных гэтых змен недастаткова.
Калі няма закона, які прызнае ўсе формы хатняга гвалту, няма эфектыўных механізмаў абароны і дастатковай колькасці бяспечных сэрвісаў, жанчына можа ўсведамляць сваю сітуацыю, але не мець магчымасці бяспечна выйсці з яе.
Таму мы лічым, што патрэбныя абедзве рэчы адначасова: і змена стаўлення да гвалту ў грамадстве, і сістэмныя дзяржаўныя гарантыі абароны пацярпелых, а таксама праца і падтрымка анлайн-лiнiй i жаночых арганiзацый.
…Менавіта з гэтым у Беларусі вялікая праблема. Калі ў краіне не да законаў, калі рэпрэсіі не спыняюцца, а гвалт над нязгоднымі ўхваляецца на дзяржаўным узроўні — барацьба з хатнім гвалтам дакладна не ў прыярытэце.
Читайте еще
Избранное